КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.

В.А.Чамярыцкі.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)